УМОВЫ
правядзення Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі
- Агульныя палажэнні:
- Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі (далей – конкурс) распрацаваны ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення адукацыйных і іншых мерапрыемстваў з удзелам навучэнцаў, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2025 г. № 162. Арганізатарам правядзення Мінскага гарадскога этапу конкурсу з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.
- Арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне правядзення гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу ажыццяўляецца ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі» (далей – цэнтр).
- Конкурс праводзіцца ў чатыры этапы з вызначэннем пераможцаў і прызёраў:
першы этап (адборачны) – ва ўстановах адукацыі (з 28 студзеня па 9 лютага 2026 года);
другі этап (адборачны) – у раёнах г. Мінска (з 10 па 23 лютага 2026 года);
трэці этап (адборачны) – Мінскі гарадскі (з 24 лютага па 9 сакавіка 2026 года);
чацвёрты (заключны) – рэспубліканскі. На дадзеным этапе прымаюць удзел пераможцы трэцяга этапу.
- Для правядзення конкурсу на кожным этапе ствараюцца арганізацыйныя камітэты (далей – аргкамітэты).
Аргкамітэт кожнага этапу:
забяспечвае арганізацыйнае і метадычнае суправаджэнне конкурсу;
даводзіць інфармацыю аб конкурсе да ведама ўстаноў адукацыі;
вызначае месца і канкрэтныя даты правядзення адпаведнага этапу конкурсу;
ажыццяўляе персанальны падбор складу журы конкурсу і зацвярджае яго ва ўстаноўленым парадку;
аналізуе і абагульняе вынікі конкурсу;
асвятляе ход падрыхтоўкі, правядзення і вынікі конкурсу ў сродках масавай інфармацыі.
У склад аргкамітэтаў могуць уваходзіць прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі органаў самакіравання ўстаноў адукацыі і інш.
- Для падвядзення вынікаў мерапрыемстваў конкурсу на кожным этапе аргкамітэтам ствараецца журы, якое:
праводзіць ацэнку конкурсных работ;
вызначае пераможцаў і прызёраў адпаведных этапаў конкурсу;
прадстаўляе пратаколы па выніках конкурсу ў адпаведныя аргкамітэты.
- Удзельнікамі конкурсу з’яўляюцца асобныя навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзроставай катэгорыі 13–18 гадоў, якія з’яўляюцца экскурсаводамі музеяў устаноў адукацыі. Удзел у конкурсе індывідуальны.
- Асаблівасці правядзення конкурсу:
2.1. Конкурс праводзіцца са студзеня па сакавік 2026 года.
2.2. Асноўныя мэта і задачы конкурсу:
конкурс праводзіцца з мэтай фарміравання ў дзяцей і навучэнскай моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў сродкамі экскурсійнай музейнай дзейнасці.
Асноўнымі задачамі конкурсу з’яўляюцца:
фарміраванне ў дзяцей і моладзі каштоўнасных арыенціраў, гонару і павагі да гісторыі і культуры малой радзімы;
папулярызацыя гісторыка-культурных і прыродных адметнасцей малой радзімы сродкамі экскурсійнай дзейнасці;
папулярызацыя дзейнасці музеяў устаноў адукацыі;
выяўленне і заахвочванне лепшых юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі;
развіццё творчых здольнасцей, садзейнічанне прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў, набыццё камунікатыўных навыкаў праз экскурсійную дзейнасць.
2.3. На кожным этапе адбіраецца пераможца ад кожнага профілю музея: гістарычны (ваенна-гістарычны, агульнагістарычны, этнаграфічны, гістарычны манаграфічны), літаратурны, краязнаўчы, прыродазнаўчы, мастацкі.
Фармат правядзення першага і другога этапу вызначаецца арганізатарамі правядзення конкурсу адвольна.
Трэці этап конкурсу будзе праходзіць у завочным фармаце. Пераможцы (па аднаму ў кожным профілі, не больш 8 юных экскурсаводаў) удзельнічаюць у рэспубліканскім (заключным) этапе.
2.4. Мінскі гарадскі этап складаецца з двух тураў:
у першым туры (завочным) удзельнікі конкурсу, дэманструючы майстэрства прыцягвання патэнцыяльнай аўдыторыі, прадстаўляюць відэаролік «Тры прычыны зазірнуць у музей» (да 5 хвілін), заснаваны на аповедзе аб матэрыялах музейнай экспазіцыі.
У другім туры (завочны) удзельнікі конкурсу, адабраныя па выніках правядзення першага туру, прадстаўляюць сцэнарый агляднай экскурсіі «Голас з мінуўшчыны» (разлічанай на час не больш за 7 хвілін). Знаёмства з экспазіцыяй адбываецца ад імя асобы (персанажа), чые лёс, прафесія або дзейнасць маюць прамое дачыненне да матэрыялаў музея. Сцэнарый складаецца з тэксту экскурсіі, сродкаў правядзення (касцюмы, аўдыясуправаджэнне і інш.), фота прадметаў і/або раздзелаў экспазіцыі.
2.5. Асноўныя крытэрыі ацэнкі:
2.5.1. Крытэрыі ацэнкі першага тура (відэаролікаў):
значнасць прадстаўленых прычын для наведвання музея;
змест і інфарматыўнасць;
лагічнасць і цэласнасць аповеду;
уменне захапіць увагу гледача, выразнасць мовы;
выкарыстанне тэхнічных сродкаў (мантаж, музыка, цітры і г.д.);
адпаведнасць хронаметражу.
2.5.2. Крытэрыі ацэнкі другога тура (сцэнарыяў агляднай экскурсіі):
змястоўнасць, інфарматыўнасць;
пераканаўчасць асобы (персанажа);
цэласнасць вобраза (лексіка, стыль мовы; касцюм і інш.);
лагічнасць пабудовы маршруту экскурсіі;
цэласнасць і завершанасць экскурсійнага прадстаўлення;
арыгінальнасць задумы і яе рэалізацыі.
2.6. Пратаколы пасяджэнняў журы з указаннем колькаснага аналізу ўдзельнікаў раённых этапаў конкурсу, спіс пераможцаў раённых этапаў (па аднаму ў кожным профілі, не больш 8 юных экскурсаводаў) са спасылкамі на відэаролікі дасылаюцца на Мінскі гарадскі этап да 24 лютага 2025 года на адрас: г. Мінск, вул. Варанянскага, 31. Тэлефон для даведак: 8 017 3520848, e-mail: mgtec@minskedu.gov.by.
- Падвядзенне вынікаў конкурсу:
пераможцы і прызёры конкурсу вызначаюцца па суме балаў вызначаных тураў.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу пры роўнай колькасці балаў на падставе рашэння журы можа ўсталёўвацца адпаведная колькасць прызавых месцаў (першае, другое, трэцяе).
Пераможцы і прызёры гарадскога этапу конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі I, II, III ступені камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
- Фінансаванне конкурсу:
фінансаванне конкурсу ажыццяўляецца на першым, другім, трэцім этапах – ва ўстаноўленым парадку за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, якія выдзяляюцца на цэнтралізаваныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі, і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
Мы в соцсетях & RSS